Беларускае «Мастацтва супраць дыктатуры» зноў у Вашынгтоне.

Выстава «Мастацтва супраць дыктатуры» працягвае вандраваць па музеях ЗША. Нагадаем, што раней выстава дэманстравалася ў парламенце Эстоніі ў Таліне, у штаб-кватэры Нямецкага фонду Маршала ЗША ў Вашынгтоне і Беларускім музеі ў Нью-Ёрку.

На гэты раз выстава была арганізавана Фондам амерыканскіх даследаванняў у Вашынгтоне, акруга Калумбія. Мерапрыемства было сустрэта з вялікай цікавасцю студэнтаў каледжаў з усяго свету, якія ўдзельнічаюць у розных адукацыйных праграмах TFAS.

На выставе прадстаўлены творы Алеся Шатэрніка, Алеся Марачкіна, Міколы Купавы, Рыгора Батальёнка, Генадзя Драздова, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча, Алены Тылькінай і Юліі Шатэрнік. Галоўная канцэпцыя выставы — сілай мастацтва данесці ідэі барацьбы за свабоду і дэмакратыю супраць дыктатуры, якая ўсё яшчэ існуе ў наш час.

Мэцью Квасіборскі, дырэктар праскіх праграмаў Фонду амэрыканскіх дасьледаваньняў адкрыў прыём і распавёў пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаюцца беларускія мастакі-дэмакраты на радзіме. Ён таксама прадставіў праграмы і мерапрыемствы, запушчаныя Фондам амерыканскіх даследаванняў.

Пасля слова ўзялі беларусы, прадстаўнікі Беларускага музея Нью-Ёрка: вядомы мастацтвазнаўца Аляксандр Глезер, мастак Алесь Шатэрнік. Алесь указаў на значэньне мастацтва ў барацьбе за дэмакратыю і вызначыў найбольш выбітныя карціны на выставе, такія як “Каін і Авэль”, “Сьцяна” ды іншыя. Ён таксама нагадаў пра нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшку, нацыянальнага героя Амерыкі, помнік якому пастаўлены ў гэтай краіне ў Вашынгтоне.

Аляксандр Глезер таксама разважаў пра вольнае мастацтва, падзяліўся сваёй складанай і цікавай гісторыяй жыцця. Аляксандр Глезер рабіў спробы ладзіць нефармальныя мастацкія выставы ў савецкі час. Але падзеі не доўжыліся больш за 15 хвілін, бо былі закрытыя КДБ. Глезер ператварыў уласную кватэру ў прыватны шоу-рум. У 1974 годзе Глезер быў вымушаны з'ехаць у Францыю, але яму пашанцавала захаваць шмат твораў мастацтва. У Манжэроне пад Парыжам ён адкрыў Музей сучаснага рускага мастацтва (MoCRA), зараз музей знаходзіцца ў ЗША

У завяршэнне маладая таленавітая мастачка Юлія Шатэрнік падзякавала прысутным за вялікую цікавасць да выставы і падтрымку ў яе арганізацыі.

Арганізатарамі мерапрыемства з'яўляюцца Беларускі музей у Нью-Ёрку і суполка "Трэці шлях", Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), Нямецкі фонд Маршала ЗША, эстонская грамадская арганізацыя Valgevene Uus Tee, Open Estonia Foundation і іншыя партнёрскія арганізацыі.