У Менску ў Палацы культуры Беларускага саюзу мастакоў зь вялікім посьпехам праходзіць выстава суполкі мастакоў “Пагоня”. Выстава называецца сімвалічна “Разам”. Гэта значыць разам з тымі, хто быў неабыякавы да лёсу сваёй краіны, хто верыў у яе будучыню, у адраджэнне яе нацыянальнай свядомасці. Сярод вядомых удзельнікаў – Язэп Драздовіч, Пётр Сергіевіч, Міхаіл Сеўрук, Лявон Баразна, Яўген Кулік.
Выставы суполкі мастакоў “Пагоня” традыцыйна прысьвечаныя Дню Волі (25 сакавіка) і пасьля некалькіх гадоў перапынку ў рэшце рэшт увесну 2007 году адбылася культурная акцыя. Выстава пачынаецца з выбітных твораў “Звон Свабоды”, “Чарнобыльскі звон” і “Звон Курапацкі”.
Наведвальнікі ўбачаць сатырычныя творы Аляксея Марачкіна, сымбалічныя Пяць сьпісаў Алеся Пушкіна, рэлігійныя карціны Генадзя Драздова, творы Алеся Шатэрніка ды іншыя.
У невялікім аглядзе цяжка апісаць выставу, патэнцыял мастакоў і ўсе віды мастацтва. Выстава цікавая і разнастайная. Вы ўбачыце работы маладых скульптараў Валянціна Борзды, Віктара Капача, Канстанціна Селіганава і Геніка Лойкі. Адну з найбольш цікавых частак выставы складаюць графічныя партрэты членаў першага ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі і дзве карціны маладой мастачкі Юліі Шатэрнік з Нью-Джэрсі, ЗША.
Натуральны водгук пасля выставы — жыве краіна, жыве Беларусь!