Урачыстае адкрыццё персанальнай выставы Шатэрніка “Сонечны крыж” у Нью-Ёрку

18 студзеня 2009 г. у Беларускім музеі ў Нью-Ёрку адкрылася персанальная выстава Алеся Шатэрніка «Сонечны крыж». Алесь Шатэрнік — вядомы беларускі скульптар і мастак. Выстаўка таксама дае магчымасць пазнаёміцца з яго першымі вершамі. Тое, што мастак пачаў пісаць вершы, сведчыць пра тое, што ён знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Большасць карцін - пейзажы. Прыгажосць беларускай прыроды выяўляецца ў спосабе выяўлення яе рэальнага настрою, жыццёва важнага і змястоўнага для самога мастака.

«Рака Цна» (палатно, алей 2006 г.) аказала вялікае эмацыянальнае ўздзеянне на прысутных на выставе. Карціна з'яўляецца творам выяўленчага мастацтва, дае сапраўднае адчуванне прыгажосці прыроды. «Сам Святы Дух - гэта у жывапісе», — кажа Зянон Пазьняк, які правёў грунтоўны мастацтвазнаўчы аналіз творчасьці Шатэрніка.Карціна стварае ўражаньне аб’ёмнай.

Кожная карціна Шатэрніка — яскравы доказ яго незвычайнага ўмення карыстацца колерам і святлом. “Рака Лынтупка” (палатно, алей 1998 г.) напоўнена святлом і стварае адчуванне сапраўднай свежасці і чысціні паветра.

Зянон Пазьняк выказаў вялікую ўдзячнасьць Алесю Шатэрніку за тое, што ён прынёс часцінку Беларусі ў Сабор Сьвятога Кірылы Тураўскага. Спадар Пазьняк зьвярнуў увагу і на скульптурныя працы Шатэрніка. На выставе прадстаўлена адна з новых скульптур “Тадэвуш Касцюшка” (каралавы камень, таніроўка 2009 г.). Скульптурная выява беларускага героя Тадэвуша Касцюшкі створана Алесем Шатэрнікам у Кі-Уэсты (штат Фларыда) як арыгінальны экспромт у скульптуры і новы пластычны матэрыял.

Алесь Шатэрнік распавёў пра сваю творчасць; ён з гонарам прадставіў свой альбом-кнігу “Сонечны крыж”, выдадзены непасрэдна перад паездкай у Амерыку. У прысутных на ўрачыстым адкрыцці была ўнікальная магчымасць паслухаць верш “Сонечны крыж”, які прачытаў сам Шатэрнік.

Вялікае мастацтва дае найбольшую асалоду. Персанальная выстава Шатэрніка пераканала прысутных, што ў любым маляўнічым замежным краявіде не хапае неакрэслівага цёплага духу чагосьці таямнічага і незразумелага нашай Бацькаўшчыны.

Наталля Рабава